ПАЛЕ́СКІ РАДЫЯЦЫ́ЙНА-ЭКАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.

Адзіны ў свеце радыяцыйна-экалагічны запаведнік. На Пд Гомельскай вобл., ва ўсх. ч. Палескай нізіны ў межах Гомельскага Палесся. Засн. ў 1988 на найб. забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з мэтай вядзення радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, радыебіял. даследаванняў, пошуку магчымых шляхоў выкарыстання тэрыторыі, з якой адселена насельніцтва і спынена гасп. дзейнасць, а таксама для захавання генафонду і відавой разнастайнасці мясц. флоры і фауны. Пл. 215,5 тыс. га. Рэльеф раўнінны з забалочанымі паніжэннямі, рознымі формамі эолавых утварэнняў і павышанымі ўчасткамі водападзелаў. Тэрыторыя адносіцца да вадазбору р. Прыпяць. Ландшафт поймавы са шматлікімі рукавамі, старыцамі і азёрамі. Балотныя і лясныя масівы. Лясістасць 46% тэрыторыі. Хваёвыя (48,5%), драбналістыя (27,3%), дубовыя (5,6%) і інш. лясы. У флоры каля 1120 відаў сасудзістых раслін. Ў фауне больш за 40 відаў млекакормячых, 70 — птушак, 25 — рыб. Шмат відаў раслін і жывёл, у т.л. вадзяны арэх плаваючы, шпажнік чарапіцавы, чорны бусел, змеяед і інш., занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, некаторыя — у Міжнар. Чырв. кнігу.

т. 11, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)